Литовский кладоискатель-ФОРУМ ВКЛ. Литовский кладоискатель-ФОРУМ ВКЛ.
Пользовательского поиска
Сделать стартовой

Литовский кладоискатель-ФОРУМ ВКЛ. Lietuvos lobiu ieskotojas - LDK FORUMAS

Информация о пользователе

Привет, Гость! Войдите или зарегистрируйтесь.


Вы здесь » Литовский кладоискатель-ФОРУМ ВКЛ. Lietuvos lobiu ieskotojas - LDK FORUMAS » Нумизматика (разные темы) » МАНЭТЫ Й ФАЛЬШЫВАМАНЭТЧЫКІ (Размова з Ірынай Колабавай)


МАНЭТЫ Й ФАЛЬШЫВАМАНЭТЧЫКІ (Размова з Ірынай Колабавай)

Сообщений 1 страница 2 из 2

1

З кнiгi Вячаслаў Ракiцкi "БЕЛАРУСКАЯ АТЛЯНТЫДА"

Наўрад ці ёсьць на сьвеце чалавек, які, хай сабе і ў дзяцінстве, ня марыў знайсьці скарб. Заўсё ды шуканьне скарбаў станавілася тэмай літаратуры, мастацтва. Пра скарбы пісалі антычныя аўтары -- Арыстафан, Пляўт, Ксэнафонт, Плятон, Гарацыюс... Чалавек, які шукае скарб, у мастацтве падаваўся й як рамантык, і як драпежнік. Тэма скарбу заўсёды ёсьць у фальклёры ўсіх народаў. Вось жа й беларусы ў прымаўках кажуць: «Закапаў скарб -- закапаў спакой», «Чужой схоўкі ня хутка знойдзеш», «Заплаціў як чорт за папараць», «Багаты грошы зьбірае, а чорт машну гатуе», «Нашто мне скарб, калі мае дзеці ў лад».

 

-- А ўвогуле скарбы ў народных паданьнях -- гэта дабро ці зло?

-- Скарбы ў беларускім фальклёры традыцыйна па дзяляюцца на злыя (заклятыя ў час хаваньня) і добрыя. Авалодаць злым скарбам, які мог прынесьці пакуты знаходчыку й ягоным блізкім, -- вельмі цяжкая задача. Акрамя закляцьця, скарбам апекаваліся такія пачвары, як нячысьцікі. Нячысьцікі даглядалі й ахоўвалі скарбы: палявік -- у полі, лясун -- у лесе, багнік -- у балотах, кладавік (самы заможны з усіх) -- на прысядзібным участку. Скарбы ў народных паданьнях -- нешта жывое й можа зьяўляцца на паверхні нечаканым агеньчыкам, у чалавечым выглядзе, сабакам, коткай, пеўнем. Прычым, белая афарбоўка істоты адпавядае срэбру, а жоўтая -- золату. Дапамагчы ў шуканьні скарбу мог выгарак -- абпаленая лучына, кутны зуб вісельніка, васковая сьвечка ля труны памерлага.

-- А як архаічныя людзі здымалі са скарбаў закляцьці?

-- Нэўтралізаваць закляцьці й нячысьцікаў дапамагалі рукапісныя «Траўнікі», «Вызыўныя кнігі» й «Росьпісы». У «Траўніках» апісваліся надзвычайныя ўласьцівасьці папараць-кветкі, плакун-травы, разрыў- травы. «Вызыўныя кнігі» захоўвалі формулы зваротаў да нячыстых сілаў з прапановамі абмену сваёй душы на грошы. «Росьпісы» давалі апісаньні месцаў знаходжаньня скарбаў. Скарбы добрыя адкрываліся людзям добрым. Ахоўвалі месцы іхнага знаходжаньня «дзядзькі»: Дзедзя, Бялун і Купальскі дзядок.

-- Скарбы найчасьцей знаходзяць выпадкова, падчас сельскагаспадарчых ці будаўнічых працаў. А часам скарбы адкрываюць прадстаўнікі флёры й фаўны, прыродныя стыхіі. Якія цікавыя выпадкі знаходжаньня скарбаў былі ў Беларусі?

-- Вось у 1845 годзе ў Барысаве знойдзены скарб манэтаў XVI стагодзьдзя ў птушыным гнязьдзе. У 1888 годзе ў вёсцы Любоўша каля Баранавічаў рымскія манэты І--ІІ стагодзьдзяў выкінуў на паверхню крот. У 1921 годзе ў Слуцку, у 1961-м у Вёсцы Салігорскага раёну, у 1963-м у вёсцы Адрубак Докшыцкага ра- ёну зафіксаваныя выпадкі, калі выварочвалі на паверхню начыньні са старадаўнімі манэтамі сьвіньні. У 1964 годзе ў Касяках Кармянскага раёну дождж вымыў зь зямлі скарб ІХ стагодзьдзя. Часам паказвае на месца скарбу народны погалас. Так, мясцовыя жыхары Ракаўцоў Смаргонскага раёну гаварылі, што пад валуном на тэрыторыі вёскі схаваныя грошы. У 1971 годзе пры будаўнічых працах бульдозэр зрушыў камень, пад якім аказаўся манэтны скарб Х стагодзьдзя.

-- А ўвогуле ці часта ў Беларусі знаходзяць скар- бы? І ці пашыраны ў Беларусі спосаб захоўваньня грошай у куфэрках у розных сховішчах?

-- У Беларусі зафіксавана болей за тысячу выпадкаў знаходжаньня скарбаў. Скарбы -- гэта вельмі пашыраны звычай захоўваньня каштоўнасьцяў. Звычайна скарбы добра запакаваныя ў кавалак скуры, тканіны, бяросты ці нейкае начыньне з накрыўкай. У XVI стагодзьдзі ў беларускім ганчарстве нават сфармавалася асобная галіна вырабу разнастайных паводле аб'ёму й формы скарбонак дзеля захоўваньня грошай. Звычайна скарб знаходзіцца на невялікай глыбіні -- ад 20 да 50 сантымэтраў, гэта, вядома, больш зручна пры пэрыядычным карыстаньні грашыма. Бальшыня скарбаў -- вельмі сьціплыя зьберажэньні, якія маглі належаць прадстаўнікам незаможных колаў, што таксама сьведчыць пра пашыранасьць такога спосабу захоўваньня грошай. Праблема ўласнасьці на скарб знаходзіла адлюстраваньне ў заканадаўчых актах, прыкладам, у другой і трэцяй рэдакцыях Статуту Вялікага Княства Літоўскага.

-- Вельмі часта ў паведамленьнях пра знойдзе- ныя ў Беларусі скарбы ўтрымліваецца інфармацыя,што манэты належаць розным краінам. Чым можна патлумачыць гэткі шматнацыянальны склад скарбаў?

-- Геаграфічнае палажэньне Беларусі, перакрыжа- ваньне на ейных землях шматлікіх гандлёвых шляхоў прыводзіла да шматнацыянальнага складу манэтнага фонду. Вось тыповыя прыклады знойдзеных, як вы кажаце, шматнацыянальных скарбаў.  Вёска Дзегцяны Капыльскага раёну, 1957 год. Грашова-рэчавы скарб срэбраных ювэлірных вырабаў і манэтаў, колькасьць -- каля 7 тысяч штук. Скарб пераважна разрабаваны. Захаваліся фрагмэнты 21 упрыгожаньня й 320 манэтаў -- дынары Вугоршчыны, Чэхіі, Даніі, Рэйнлянду, Баварыі, Саксоніі, Турынгіі, Франконіі, Швабіі, Фрысьлян- дыі, Лятарынгіі. Час схаваньня -- каля 1050 году. Горад Магілёў, 1936 год. 470 залатых манэтаў Вэнэцыі, Мадэны, Савоі, Аўстрыі, Карынцыі, Тыролю, Швайцарыі, Вугоршчыны, Трансыльваніі, Чэхіі, Галяндыі, Гальдэрну, Давэнтару, Зэляндыі, Кампэну, Авэрэйсэлу, Утрэхту, Фрызіі, Брабанту, Браўншвайгу, Гамбургу, Зальцбургу, Кёльну, Любэку, Майнцу, Нюрнбэргу, Ростаку, Саксоніі, Франкфурту, Ульму, Штральзунду, Брэслаў, Данцыгу, Торну. Час схаваньня -- пачатак 1690-х гадоў.

-- Ці можна па скарбе меркаваць пра ягонага гаспадара?

-- Можна. Пра сацыяльны статус гаспадара сьведчыць, напрыклад, скарб пачатку ІХ стагодзьдзя каля вёскі Брылі Барысаўскага раёну. У 2000 годзе там быў знойдзены скандынаўскі меч, шыйная грыўна, 10 гірак-разнавагаў і 290 срэбраных манэтаў -- дырхамаў Арабскага Халіфату. Гэта дало падставу меркаваць пра гаспадара як пра вікінга. Разбойніцкая казна з васьмі з паловаю тысяч арабскіх манэтаў была адшуканая ў 1973 годзе каля вёскі Казьянкі Полацкага раёну. У 1979 годзе ля вёскі Вішчын Рагачоўскага раёну знойдзена княжацкая казна з жаночых упрыгожаньняў і грашовых зьліткаў.

-- Зразумела,што як толькі ўзьніклі грошы,дык адразу знайшліся й людзі, якія захацелі й змаглі іх падрабляць. А ці можна казаць пра нейкія краіны, дзе фальшаваньне манэтаў найболей было пашыранае,дзе яно дасягнула высокага ўзроўню? І наколькі гэтае злачынства было характэрнае для старадаўняй Беларусі?

-- Практычна ва ўсіх краінах Эўропы падраблялі манэты. І старадаўняябеларуская дзяржава займала далёка не апошняе месца ў Эўропе ў гэтай крымінальнай справе, як паводле колькаснага, гэтак і паводле якаснага паказчыкаў. Падраблялі значныя й дробныя наміналы. Вось некалькі прыкладаў. Як у скарбах знаходзілі, гэтак і ў пісьмовых крыніцах неаднаразова згадвалі пра фальшывыя шэлегі (мясцовая назва агульнаэўрапейскай дробнай срэбранай манэты -- соліда). У 1682 годзе зьяўляецца ўказ караля Яна ІІІ Сабескага, у якім гаворыцца:

Дайшло да нашага ведама, што шэлежная манэта падрабляецца i як купляючым, так і прадаючым прыносіць настолькі вялікія пакуты, што нярэдка на кірмашах справа даходзіць да праліцьця крыві па віне гэтых шэлегаў, якія нягледзячы на жорсткія законы, патаемна чаканяцца й распаўсюджваюцца.

Вось жа й працытаваны гістарычны дакумэнт пацьвярджае сучасны досьвед: жорсткія законы не заўсёды эфэктыўныя ў змаганьні з такім крыміналам. І фальшывыя шэлегі надалей сустракаліся ў скарбах і тагачасных дакумэнтах, часам такія шэлегі называлі злымі, супрацьпастаўляючы іх манэтам добрым. Прывяду некалькі прыкладаў, як Магілёўскі магістрат у XVII стагодзьдзі змагаўся з падробкай манэтаў. 30 лістапада 1685 году ён выпраўляе ў Воршу свайго прадстаўніка са зьвесткамі пра знойдзеныя падробленыя шэлегі. У лютым 1687 году ўліковыя кнігі Магілёўскага магістрату зноў рэгіструюць знойдзеныя падробленыя шэлегі. Адным са спосабаў папярэджваньня насельніцтва пра фальсыфікаты была дэманстрацыя іх у людных мясьцінах (як правіла, каля ратушы). Падрабляліся, натуральна, ня толькі шэлегі. У дакумэнтах сустракаюцца згадкі аб наяўнасьці на грашовым рынку й іншых падробленых манэтаў. Так, 13 траўня 1690 году ў гарадзкую казну Магілёва паступаюць фальшывыя «пулторакі» (мясцовая назва паўтараграшовікаў). Фальсыфікатары не абышлі ўвагай і самы каштоўны са срэбраных наміналаў -- талер. Гэта было, прыкладам, зафіксавана ва ўліковай кнізе Магілёўскага магістрату за 6 студзеня 1689 году -- сярод атрыманых ад лаўніка Яўхіма Кашэнкі: «талераў бітых 680... знайдавалася паўтара талера бітага фальшаванага» (мабыць, тры манэты на паўталера ці дзьве манэты наміналам талер і яго палову).

-- Ці судзілі фальшываманэтчыкаў? Якія пакараньні за гэты крымінал прадугледжвала заканадаўства?

-- Зноў жа гістарычны прыклад. 26 сьнежня 1755 году была адкрытая судовая справа паводле абвінавачаньня ў фальсыфікацыі манэтаў магілёўца Мацьвея Храмцовіча, які «фальшывыя манэты тынфы з волава й цынку рабіў... а потым у торгу выдаваў на ашуканьне народу паспалітага». Ягоныя браты -- Антон і Пётар, таксама арыштаваныя, прыводзілі словы маці, якая казала малодшаму сыну: «Сынку, лепей у попел амачыўшыся жыць, а таго не чыніць».

-- У тым XVIII стагодзьдзі, на якім мы фіксуем сваю ўвагу, ці падраблялі замежныя грошы? А мо ўжо фальшывыя яны траплялі на беларускія землі з-за мяжы?

-- Папулярная на беларускім грашовым рынку была расейская манэтная медзь (капейка, палова капейкі -- дзенга й чвэрць капейкі -- палушка). Выпадкі ейнай падробкі зафіксаваныя на Гомельшчыне й Магілёўшчыне. 27 студзеня 1711 году ў Пасольскі прыказ Масквы паступіў данос селяніна Маркава аб тым, што ў мястэчках Ветка, Холмічы й вёсцы Ізбынь (маёмасьць гетмана Сапегі на Гомельшчыне) фабрыкуюцца «маскоўскія вараўскія (фальшывыя) дробныя грошы». Аналягічны выпадак зафіксаваны 8 ліпеня 1720 году, калі магілёўскі суд распачынае справу паводле абвінавачаньня месьціча Мацьвея Стэфановіча ў падробцы маскоўскай манэты. Пасьля прылюднага допыту ля слупа на рынку напаленай шынай абвінавачаны паведаміў пра сваіх паплечнікаў -- нейкіх Барыса Пятровіча й Стаську, а таксама пра тое, што медную капейку фабрыкавалі габрэі-магілёўцы, а сам ён вучыўся гэтай справе ў немца ў Шклове сем гадоў таму. Мацьвей спрабаваў апраўдацца, зьвяртаючы ўвагу судзьдзяў на тое, што падробленая манэта выраблялася не пад імем караля Аўгуста ІІ. Гэтыя абставіны зьмянілі першапачатковы вырак -- «зажыва быць спаленым» на адсячэньне галавы. Але фальшываманэтчыка нечакана ўратавалі ксяндзы -- бэрнардыны й кармэліты, якія прарвалі варту й выправілі Мацьвея да свайго кляштару, што наводзіць на думку пра іхнае незаконнае супрацоўніцтва.

-- Фальшаваньне грошай мела інтэрнацыянал ны, міждзяржаўны характар?

-- Так. Вось прыклад. 28 студзеня 1724 году Пецярбурская калегія замежных справаў нават дасылае Аўгусту ІІ пратэст у зьвязку з вырабам у Рэчы Паспалітай медных расейскіх капеек. Гісторыя дакумэнтальна пацьвярджае шматлікія выпадкі падробкі грошай. Пацьвярджаюць гэта й сучасныя археолягі, якія часам на тэрыторыі Беларусі знаходзяць скарбы цалкам з фальшывых манэтаў. Так, у Нумізматычным кабінэце Белдзяржунівэрсытэту захоўваюцца часткі двух дэпазытаў, прадстаўленых фальшывымі манэтамі. Адзін зь іх знойдзены ў 1971 годзе ў Рагачове, другі -- у Полацку ў 1997-м. Гісторыя першага скарбу фальшывых манэтаў зьвязаная з падзеямі польскага паўстаньня 1830--1831 гадоў, падчас якога пастанавілі выпусьціць манэты новага тыпу з выявай герба Рэчы Паспалітай. Пасьля здушэньня паўстаньня ў верасьні 1831 году расейскі ўрад забараніў ужываць «мяцежную» манэту. Сапраўдныя манэты паўстаньня 1830--1831 гадоў сустракаюцца рэдка. На тэрыторыі Беларусі вядомыя ўсяго тры такія выпадкі. Скарб фальшывых манэтаў-паўфабрыкатаў, сярод якіх і падробныя 10-грашовікі часу польскага паўстаньня, быў знойдзены ў Рагачове ў 1971 годзе ў часе будаўнічых працаў каля аўтобуснага вакзалу. Да адкрыцьця рагачоўскага скарбу -- унікальнага помніка гісторыі грашовага абарачэньня на тэрыторыі Беларусі -- у нумізматычным сьвеце не было вядома пра факты падробкі манэтаў польскага паўстаньня.

-- Рагачоўскі скарб фальшывых манэтаў зьвязаны з важнай гістарычнай падзеяй. Якія падзеі ці акалічнасьці зьвязаныя з полацкім скарбам?

-- Гісторыя скарбу фальшывых лівонскіх шылінгаў, знойдзеных у 1997 годзе ў Полацку, ускосна зьвязаная з граматай магістра Лівонскага ордэну Ёгана Фрайтаг фон Лёрынгхофэна (1483--1494), які паведаміў рэвэльскаму (талінскаму) магістрату:

...Нейкія рускія прыехалі ў Рыгу з Полацку... маючы пры сабе фальшывыя манэты... засьцеражыце сваіх месьцічаў і гандляроў. Узоры гэтых манэтаў у запячатаным выглядзе дасылаем вам, каб вы іх агледзелі й змаглі засьцерагчыся. Калі вам стане вядома, што нехта мае ці збывае фальшывыя ма- нэты, прыцягвайце яго да адказнасьці.

На калекцыянэрскім рынку Беларусі ўлетку 1997 году зьявілася значная колькасьць фальшывых манэтаў, якія мелі, паводле зьвестак, паходжаньне са знойдзенага на беразе ракі ў Полацку (верагодней за ўсё, ракі Палаты) скарбу. Чатырнаццаць падробак пад ордэнскія шылінгі Рэвэлю з полацкага скарбу паступілі ў Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі, Нацыянальны полацкі гістарычна-культурны запаведнік, Нумізматычны кабінэт БДУ й прыватныя калекцыі.

-- Даўней падраблялі манэты індывідуальна, або існавалі падпольныя майстэрні?

-- Супастаўленьне шэрагу фактаў -- сьведчаньне пісьмовых крыніцаў, канцэнтрацыя на тэрыторыі Полаччыны й Віцебшчыны беларускіх знаходак ордэнскіх манэтаў, зьвесткі аб знойдзеным у Полацку скарбе фальшывых манэтаў -- дазваляе зрабіць выснову, што ў Полацку існавала падпольная майстэрня фальшываманэтчыкаў, якую можна лічыць першым манэтным дваром на тэрыторыі Беларусі.

-- Дзейнасьць фальшываманэтчыкаў падрывае эканамічныя падставы існаваньня любой краіны. Як змагалася з падобнай зьявай дзяржава?

-- Пакараньні фальшываманэтчыкаў заўсёды і ўсюды былі вельмі жорсткія. У Старажытнай Грэцыі каралі сьмерцю. У Старажытным Рыме за падробку манэты свабодныя грамадзяне высылаліся на катаржныя працы, а ў далейшым ім прызначалася пакараньне сьмерцю -- прычым, за падробку залатых манэтаў палілі жыўцом. Рабоў расьпіналі на крыжы ці аддавалі драпежнікам у цырку. Адначасна рабу, які данёс на фальшываманэтчыка, даравалі свабоду й правы свабоднага чалавека. У XVII стагодзьдзі ў Нямеччыне, у Гамбургу, фальшываманэтчыкаў адпаведна заканадаўству каралі паступовым апусканьнем на канаце ў кацёл з кіпучым алеем. У Англіі за фальсыфікацыю грошай выколвалі вочы, а ў 1125 годзе дзевяноста чатыром трымальнікам манэтных двароў, якія былі западозраныя ў незаконнай дзейнасьці, адсеклі правыя рукі. У Расеі XVI стагодзьдзя за падробку манэты секлі рукі, кляймілі шчокі словам «вор», ссылалі, «воровские деньги» маглі плавіць і заліваць у горла. У 1721 годзе Пётар І «зьмякчыў» заканадаўства, дазволіўшы злачынцаў, што не памерлі адразу пасьля такога катаваньня, застрэліць. У Вялікім Княстве Літоўскім Статутам 1566 і 1588 гадоў фальсыфікатары манэты адназначна караліся сьмерцю --спаленьнем жыўцом «безь міласэрнасьці».

0

2

dinoeL написал(а):

Чатырнаццаць падробак пад ордэнскія шылінгі Рэвэлю з полацкага скарбу паступілі ў Нацыянальны музэй гісторыі й культуры Беларусі, Нацыянальны полацкі гістарычна-культурны запаведнік, Нумізматычны кабінэт БДУ й прыватныя калекцыі.

в том числе и в МОЮ!!!!

0


Вы здесь » Литовский кладоискатель-ФОРУМ ВКЛ. Lietuvos lobiu ieskotojas - LDK FORUMAS » Нумизматика (разные темы) » МАНЭТЫ Й ФАЛЬШЫВАМАНЭТЧЫКІ (Размова з Ірынай Колабавай)